Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання. З 15.02 па 20.02 у школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У рамках тыдня былі праведзены мерапрыемствы, якія садзейнічалі развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, выхаванню любові і павагі да роднага слова. Дзеці з цікавасцю рыхтаваліся і актыўна ўдзельнічалі ў конкурснай гульні па творчасці Я.Коласа, віктарыне, прысвечанай творчасці І.Мележа, конкурсе малюнкаў “Родная прырода ў вершах беларускіх паэтаў”. Вучні 3-4 класаў паказалі свае веды і творчыя здольнасці ў конкурснай праграме “Падарожжа па краіне роднай мовы”. Святкаванне Дня роднай мовы “Дык гучы, маё роднае слова!” прайшло 19 лютага. У гэты дзень была праведзена КТС “Вясёлы кірмаш”, дзе кожны меў магчымасць набыць розныя стравы, прыгатаваныя вучнямі. Зацікавіў навучэнцаў “Перапынак любімых беларускіх слоў” і “Скарбонка фальклорнай спадчыны”, “Музычны калейдаскоп”, прагляд анімалістычных беларускамоўных мультыплікацыйных фільмаў “Піліпка”, “Чаго на свеце не здараецца”, “Каму чорт дзетак калыша” і інш. Дзень надоўга запомніцца як дарослым, так і дзецям. Па выніках тыдня самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі.