Постановление СМ РБ 754 22.10.2018 Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі ”Нашы дзеці“
ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 кастрычніка 2018 г. № 754
Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1.Правесці з 10 снежня 2018 г. па 11 студзеня 2019 г. навагоднюю дабрачынную акцыю «Нашы дзеці» з удзелам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
2.Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў асабіста прыняць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», наведаць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы з мэтай віншавання дзяцей з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым, уручэння ім падарункаў, аказання дапамогі ў вырашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам існуючых праблем. Рэкамендаваць грамадскім аб’яднанням і іншым арганізацыям далучыцца да названай акцыі.
3.Міністэрству адукацыі да 8 снежня 2018 г. па ўзгадненні з зацікаўленымі: зацвердзіць графік правядзення навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»
і давесці яго да ведама зацікаўленых; пры неабходнасці ўносіць змяненні ў названы графік.
4.Правесці ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў снежні 2018 г.* у г. Мінску на базе дзяржаўнай установы «Палац Рэспублікі» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дабрачыннае навагодняе свята з уручэннем падарункаў дзецям ва ўзросце 8–14 гадоў з ліку:
дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў;
дзяцей-інвалідаў;
дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў;
дзяцей з сем’яў ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу Следчага камітэта, органаў унутраных спраў і фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў), з сем’яў работнікаў, што абслугоўвалі воінскія кантынгенты ў Афганістане або іншых дзяржавах, на тэрыторыі якіх вяліся баявыя дзеянні, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі ў перыяд вядзення баявых дзеянняў;
дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; навучэнцаў кадэцкіх вучылішч;
навучэнцаў, якія ўзнагароджаны па выніках раённых, абласных (Мінскай гарадской), рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў;
навучэнцаў, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце.
Устанавіць, што ў дабрачынным навагоднім свяце ў г. Мінску прымаюць удзел ад Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей па 100 дзяцей ад кожнай, ад Мінскай вобласці – 300 і г. Мінска – 1570 дзяцей, у тым ліку навучэнцы Рыжскай беларускай школы (Латвійская Рэспубліка) і Беларускай сярэдняй школы імя Францыска Скарыны г. Вільнюса (Літоўская Рэспубліка), у адпаведнасці са спісамі, якія ўзгадняюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
На дабрачыннае навагодняе свята прадугледжваюцца ў якасці рэзерву 30 падарункаў і 251 білет без падарунка.
* Дата правядзення ўзгадняецца з Кіраўніком дзяржавы.
5.Правесці ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў г. Мінску на базе адміністрацыйнага комплексу «Палац Незалежнасці» ў перыяд, вызначаны ў пункце 1 дадзенай пастановы, для 1500 навучэнцаў з ліку катэгорый, указаных у частцы першай пункта 4 дадзенай пастановы, навагоднія прадстаўленні.
6.Рэкамендаваць аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму правесці дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей 28–31 снежня 2018 г. з удзелам кіраўніцтва аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў абласных цэнтрах і г. Мінску, а таксама ва ўсіх гарадах і раёнах краіны ў час школьных канікулаў з удзелам кіраўніцтва гарадоў і раёнаў.
7.Стварыць арганізацыйны камітэт па правядзенні ў г. Мінску мерапрыемстваў у рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў складзе згодна з дадаткам.
Дадзенаму арганізацыйнаму камітэту вызначыць расходы на арганізацыю і правядзенне навагодніх мерапрыемстваў.
8.Аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму забяспечыць дастаўку дзіцячых дэлегацый на дабрачыннае навагодняе свята, навагоднія прадстаўленні ў г. Мінск.
Мінскаму гарвыканкаму арганізаваць пры неабходнасці пражыванне, харчаванне і культурную праграму для дзіцячых дэлегацый абласцей.
9.Фінансаванне расходаў на правядзенне навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ажыццявіць за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання на цэнтралізаваныя мерапрыемствы, а таксама пазабюджэтных сродкаў, эканоміі каштарыса расходаў і сродкаў з іншых крыніц, якія не забаронены заканадаўствам.
Рэкамендаваць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам ажыццяўляць фінансаванне названага мерапрыемства за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, пазабюджэтных асігнаванняў і сродкаў з іншых крыніц.
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь
С.Румас