Лес - наша нацыянальнае багацце. Захаваць яго, зрабіць больш прыгожым і чыстым - наша агульная задача. Чысціня і парадак у лесе залежыць ад кожнага з нас, ад нашай культуры і ад нашых адносін як да самой прыроды, так і да працы тых людзей, якія ствараюць, вырошчваюць і ахоўваюць лес.
У суботу, 9 кастрычніка, прайшла добраахвотная акцыя «Чысты лес». Мэта акцыі - прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем, з якімі сутыкаюцца лясныя гаспадаркі. Пад дэвізам “Чысты лес пачынаецца з цябе” выйшлі на ачыстку лесу ад бытавога смецця навучэнцы ДУА “ВПК Ханявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Выдатны настрой і жаданне змяніць свет да лепшага, спрыялі ўдзельнікам экалагічнай акцыі. Нягледзячы на халоднае надвор'е, дзеці ўзброіліся мяшкамі для смецця і рашуча ўвайшлі ў лес, каб аказаць яму дапамогу. Пад час акцыі вяліся работы па навядзенні парадку ў лясным масіве, ліквідацыі там несанкцыянаваных сметнікаў будаўнічых і бытавых адходаў. Асаблівая ўвага надавалася тым лясным угоддзям, якія размешчаны ўздоўж аўтамабільных дарог. Кіравалі работай леснікі суседняй лесагаспадаркі, якія не толькі арганізавалі дзейнасць навучэнцаў па ачыстцы тэрыторыі лесу ад бытавога смецця і захламленасці, але і расказалі пра значэнне лесу для жыцця чалавека і пра шкоду, якую наносіць смецце яго жыхарам.
Дзеці папрацавалі на славу, сабраўшы ўсё смецце. Думаю, лес застаўся
ўдзячны ім за такую дапамогу, бо кожны, хто неабыякавы да роднай прыроды, унёс свой пасільны ўклад у добраўпарадкаванне лесу.
Такія акцыі дапамагаюць засяродзіць увагу на праблеме забруджвання лясоў, усвядоміць, што чысціня ў храме прыроды залежыць ад кожнага з нас. Давайце разам будзем клапаціцца аб «лёгкіх» нашай планеты, каб зберагчы “зялёнае багацце” для сваіх нашчадкаў.