У кожным куточку нашай краіны ёсць месцы, знаёмства з якімі дазваляе сфарміраваць у дзіцяці пачуццё любові да радзімы. Багаты на такія мясціны і Слонім, цудоўны горад над Шчарай. Сюды і адправіліся на экскурсію навучэнцы нашай установы ў другі дзень вясенніх канікул. Падчас экскурсіі дзеці наведалі Слонімскі драматычны тэатр, дзе ўвазе гледачоў быў прапанаваны спектакль«Як павука з луга праганялі». Затым адправіліся на экскурсію ў музей «Ваенная хроніка Слонімшчыны» ДУА «Сярэдняя школа №5». Экскурсаводы займальна расказалі пра экспанаты музея. Дзеці затаіўшы дыханне слухалі, як жылі людзі ў ваенныя гады, як гераічна змагаліся за мірнае неба над сваёй краінай. Наступным прыпынкам быў “Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.І. Стаброўскага”. Экспазіцыя музея размешчана ў 9 залах. Яна прадстаўлена аддзеламі прыроды і гісторыі. У аддзеле прыроды навучэнцы пазнаёміліся з фізіка-геаграфічнай характарыстыкай краю, карыснымі выкапнямі, убачылі рэшткі жывёл ледавіковага перыяду, сучасны жывёльны і раслінны свет раёна. У аддзеле гісторыі дзеці пазнаёміліся з найбольш цікавымі прадметамі археалагічных раскопак, якія праводзіліся ў Слоніме, матэрыяламі па гісторыі войнаў. Яшчэ ў гэты дзень дзеці наведалі Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў − велічны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Яго нярэдка называюць «Беларускім Версалем», таму што будынак падобны на гэты знакаміты на ўвесь свет французскі палац. Экскурсія падышла да завяршэння, але дзеці яшчэ і яшчэ задавалі пытанні, рабілі шмат фатаграфій. Калі вярталіся дадому, навучэнцы бурна абмяркоўвалі ўбачанае.