25 лістапада 2017 года адбылася экскурсія ў музей Вавёркі, які знаходзіцца ў г.п. Вялікая Бераставіца. Пачалася яна са знаёмства з картай свету, пры дапамозе якой навучэнцы даведаліся, у якіх мясцінах жывуць розныя віды вавёрак. Экскурсія вельмі спадабалася нашым навучэнцам. Яна садзейнічала пашырэнню іх ведаў пра гісторыю Бераставіцкага краю, выклікала ў дзіцячых душах пачуццё гонару за сваю Радзіму. Выйшлі з музея і дзеці, і дарослыя з добрым настроем, абяцалі вярнуцца з падарункамі для вавёркі яшчэ не адзін раз. Музей створаны 1 жніўня 2012 года. З гэтага часу актыўна праводзілася праца па стварэнні экспазіцыі музея і пошуку прадметаў музейнага значэння. Урачыстае адкрыццё выставачных залаў музея для наведвальнікаў адбылося 7 кастрычніка 2014 года.
Профіль музея комплексны, прадстаўляе прыродазнаўчую і гістарычную тэматыкі, раскрыць якія дапамагаюць класічныя і сучасныя наватарскія формы музейнай дзейнасці. Тэматычнае афармленне музея пачынаецца з вестыбюля і працягваецца ў чатырох залах пастаяннай экспазіцыі.
Першыя дзве залы адведзеныя прыродазнаўчай тэматыцы і прысвечаныя вавёрцы.
Так у першай зале размешчаныя клетка-вальер з жывым звярком, інтэрактыўная карта «Тут жывуць вавёркі», якая знаёміць з арэалам іх пражывання, і чучалы экзатычных прадстаўнікоў сямейства вавёркавых.
Асобна прадстаўлена тэма «Вавёркі Беларусі». У вітрынах размешчаны чучалы, фотаздымкі вавёркі, ляцягі і сусліка, якія вядуцца ў Беларусі, чучалы прыродных ворагаў вавёркі.
Акцэнт у другой зале зроблены на дыяраме лесу, якая адпавядае натуральным умовам пражывання вавёркі.
Завяршае залу падтэма «Геральдыка», дзе прадстаўлены гербы гарадоў, на якіх адлюстравана вавёрка.
Трэцяя зала раскрывае гістарычную тэматыку і знаёміць з матэрыяламі раскопак на Бераставіччыне, уладальнікамі мястэчка, знакамітымі землякамі і ўраджэнцамі, святкаваннем 500-годдзя Вялікай Бераставіцы.
У экспазіцыйных вітрынах размешчаны копіі архіўных дакументаў і пячатка вялікабераставіцкага магістрата, макет палаца Касакоўскіх, манекены ваяроў, а таксама шмат іншых прывабных для наведвальнікаў рознага ўзросту экспанатаў.
У асобнай вітрыне трэцяй залы прадстаўлены рэчы, перададзеныя пасольствамі Кітая і Манголіі і якія маюць дачыненне да навуковай дзейнасці славутага ўраджэнца Бераставіччыны Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага – філолага, заснавальніка манголазнаўства.
Завяршаюць трэцюю залу прадметы мастацтва, дэкаратыўныя фігуркі, цацкі, кнігі, калекцыі філатэліі і паштовак з вобразам вавёрак.
Заканчваецца экспазіцыя чацвёртай залай, якая прысвечана гісторыі Бераставіччыны ХХ стагоддзя: ад Першай сусветнай вайны праз фотааб’ектыў Рамана Салаўя, міжваенны перыяд праз бераставіцкі кірмаш да Другой сусветнай вайны праз рэшткі вайсковага рыштунку і лёсы жыхароў Бераставіччыны.